Добрага дня, сябры! Вось і скончыўся чарговы 6-ты сезон працы “Кажанаполіса”. Сезон атрымаўся непросты. Усе пачалося з таго, што мы былі вымушаныя шукаць новае памяшканне – вялікі дзякуй Ліцэю БДУ, які ласкава згадзіўся нас прыняць. Падчас сезона мы атрымалі больш за 220 зваротаў з розных куткоў Беларусі (гл. мапу), а таксама, традыцыйна, з некаторых гарадоў замежжа. У прыватнасці, да нас звярталіся з Вільнюса і Алматы). Да “Кажанаполіса” агулам даехала 165 жывел. Большасць з іх складалі двухколерныя кажаны (Vespertilio murinus), з Салігорска пад’ехала вялікая калонія рудой вячэрніцы (Nyctalus noctula). Акрамя таго, да нас траплялі познія кажаны (Eptesicus serotinus), вадзяныя начніцы (Myotis daubentonii), паўночныя кажанкі (Eptesicus nilssonii), міжземнаморскія нетапыры (Pipistrellus kuhlii) і бурыя вушаны (Plecotus auritus). На мінулым тыдні частка кажаноў была выпушчана на нашым традыцыйным месцы на Цнянскім вадасховішчы з удзелам людзей, якія прымалі ўдзел у нашай працы. Вялікі дзякуй усім, хто быў датычны да нашай актыўнасці ў гэтым сезоне – без вас наша праца была б немагчымай!!! Да сустрэчы!!!

Теги других блогов: животные сезон Кажанополис