🦇Лета – напружаны і складаны сезон для кажаноў. Вясной цяжарныя самкі ўжо сфармавалі мацярынскія калоніі і засялілі свае летнія сховішчы – гарышчы і іншыя цёплыя месцы.
У чэрвені ў самак роды, кожная нараджае 1-2 кажанят. Калонія – гэта невялікі радзільны дом, і там бывае шумна. Не хвалюйся і не турбуй кажаноў! Ад іх няма ніякай пагрозы, тым больш што кажаны – жывёлы, якія знікаюць. Усе іх віды ў Беларусі ахоўваюцца законам, а восем відаў уключаныя ў Чырвоную кнігу.
Беларускія кажаны абсалютна няшкодныя – яны ніколі не нападаюць на чалавека і практычна не нясуць ніякай пагрозы. Але трэба памятаць некалькі базавых правіл бяспекі:
▪️ любы фізічны кантакт з кажаном павінен адбывацца ў шчыльных пальчатках;
▪️ не дапускай кантактаў свойскіх жывёл (катоў, сабак) з кажанамі;
▪️ калі кажан заляцеў у памяшканне, спакойна адчыні вокны і ён вылеціць сам;
▪️ калі знойдзеш кажана на сцяне, проста накрый яго любой скрыначкай (падыдзе звычайная каробка для абутку), накрый накрыўкай і ўвечары, рукой у пальчатцы, падсадзі на дрэва на вышыню 1,5-2 м.
❗Памятай: у чэрвені, падчас родаў і выхавання дзіцянят, кажаны вельмі ўразлівыя і безабаронныя. Любы непакой можа прывесці да гібелі значнай колькасці кажаноў і іх малянятак.
Пасля вывядзення дзіцянят кажаны пакідаюць свае летнія сховішчы і адлятаюць на зімоўку. Адбываецца гэта звычайна цягам жніўня.
❓Узніклі праблемы? Тэрмінова тэлефануй у Кажанаполіс!
Кантакты: Аляксей Шпак, +375 29 2139257 (МТС, Viber).
📷 Фота: Украінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых.