Выстава жывёльнага Асвенціму як спосаб заробку
Я ўжо неяк пісала пра адну з выставаў («Живые драконы» ), дзе жывёлы знаходзяцца ў жахлівых умовах. Дык вось, у гісторыі ёсць працяг.
Аказваецца, існуе некалькі выставаў – «Живые драконы», «Живые экзотические бабочки» і «Насекомые и не только». Яны належаць аднаму і таму ж чалавеку – Махмудаву Рамазану, але на гэтым іх падабенства не сканчаецца – там на жывёлаў напляваць усім. І нічога, калі б гэта былі нейкія нязначныя памылкі ва ўтрыманні, але там не памылкі. Там інструкцыя “як трымаць жывёлаў, каб яны здохлі”.
На “драконаў” мы хадзілі разам з Арцёмам , пра астатнія выставы ён даведаўся выпадкова, ад знаёмай з біяфаку, якая пайшла на адну з такіх выставаў, атрымала шок і сказала тым, хто там працуе, што гэта капец. А яны ў адказ прапанавалі гэтай дзяўчыне працу, каб яна правільна глядзела за жывёламі. Яна згадзілася і папрасіла Арцёма дапамагчы. Так і пачалося знаёмства з гэтым цудоўным “бізнэсам “ і “бізнэсоўцам”. Я не была на астатніх выставах, таму тэкст на аснове расповяду і ацэнкі Арцёма, які даўно займаецца рэптыліямі, павукамі і насякомымі і біёлаг па адукацыі.
Па яго словах, большасць жывёлаў пакутуе ад абязводжвання і поўнай адсутнасці ўльтрафіялету (гэта памятаю і я, але Арцём кажа, што з мінулага разу як мы хадзілі ўсё стала яшчэ горш) – на выставе “драконаў” усяго 2 уф лямпы, хаця яны павінны быць у кожнай другой жывёлы. Дрэннае кармленне і недахоп вітамінаў – у выніку мы бачым замест жывёлаў скуру і косткі, прычым не ідэальныя, а з рахітам. Ігуаны мучаюцца ад грыбковых інфекцыяў, а агама есць пясок – што пагражае ёй закупоркай кішэчніку і смерцю. Арцём заўважыў, што за 2 месяцы некаторыя жывёлы зніклі з выставы, цікава чаму?
На іншых выставах сітуацыя не лепш. Паўсюль плесня і поўная антысанітарыя. Тараканы ў два разы меншыя, чым павінны быць, а ў іх карчы жывуць шашалі! Самае цікавае, што некаторыя экспанаты ўжо даўно дохлыя і гэта не матылькі ў рамачцы, у асноўным гэта павукі. Арцём расказвае, што бачыў, як у пустэльных(!) павукоў было абязводжванне, а раней думаў, што такога не бывае. Прычым у аднаго з гэтых павукоў лапкі пачалі плеснявець, а праз пару гадзінаў ён памер.
Зразумела, што вельмі цяжка сачыць за жывёламі на выставах. Але цяжка не значыць немагчыма! Існуюць людзі (у Беларусі), у якіх жывёлы на выставах размнажаюцца, а не проста добра жывуць. Тут усё залежыць ад уладальніка экспазіцыі і яго адносінаў да жывёлаў, у выпадку гэтых выставаў чалавек эканоміць не толькі на жывёлах, але і на людзях, якія там працуюць. І на ўсю гэтую колькасць відаў толькі 2-3 чалавекі, якія ведаюць пра ўтрыманне жывёлаў на ўзроўні “я чытаў”.
За гэты час шмат ужо з кім пагаварылі і параіліся, што рабіць, але можа ў каго-небудзь з вас ёсць прапановы ці магчымасць паўплываць на гэтыя выставы, альбо проста распаўсюдзіць інфармацыю – будзем вельмі ўдзячныя!
Фатаграфіі:
1. Худыя і з рахітам эўблефары
2. Крывы хвост у самкі токі
3. Абязводжаны хамелеон
4. Раны на шыі трыонікса
5. Праблемы з лінькай у змяі
6. Шнары на галаве змяі
7. У тэррах па адной лямпе і геніяльная канструкцыя пасярэдзіне, лямпа быццам павінна і свяціць і грэць праз сетку
8. Ужо мёртвы павук
9. Плесня ў павучыным тэрарыуме